Адбылося адкрыццё персанальнай выставы фотамастака Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой»

Прызнанне ў любові да роднай Беларусі

У раённым музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі адбылося адкрыццё персанальнай выставы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзяржаўнага дзеяча і фотамастака Уладзіслава ЦЫДЗІКА «Бачу Беларусь такой».

На ўрачыстым аддкрыцці выставы гасцей і аўтара фотаздымкаў павітала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Жанна ЗВЯГІНА.

Адзначым, што фотавыставы Уладзіслава Цыдзіка праходзілі ў многіх знакавых месцах краіны: у Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальнай акадэміі Навук, Прэзідэнцкай бібліятэцы, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Яна таксама ўпрыгожвала Дні беларускага пісьменства і кніжныя выставы. Дзякуючы фотаработам Уладзіслава Цыдзіка, з пейзажамі нашай Радзімы пазнаёміліся жыхары Дагестана, Казахстана і Польшчы. У раённы музей фотавыстава прыехала з Магілёўскага мастацкага музея імя П.В. Масленікава.

Дэбют фотамайстра адбыўся ў 2016 годзе, калі быў выдадзены фотаальбом «Зачараваны Беларуссю». Праз два гады выйшаў новы зборнік «Бачу Беларусь такой», які атрымаў першую прэмію Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Сюжэты прац Уладзіслава Цыдзіка простыя, але блізкія і зразумелыя кожнаму чалавеку. Архітэктурныя збудаванні, уборка ўраджаю, унікальныя пейзажы, знакавыя і памятныя мясціны беларускіх гарадоў... І, вядома, звычайныя людзі, вяскоўцы.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт і саліст, Андрэй СКАРЫНКІН, а таксама кампазітар, музыкант і выкладчык Людміла ІСУПАВА. Людміла Міхайлаўна выканала для прысутных раманс, а затым распавяла гісторыю свайго жыцця і творчага шляху. Таксама цікавымі ўспамінамі падзяліўся і Андрэй Скарынкін.

– Фотавыстава і прэзентацыя выданняў фотамастака – два значных мерапрыемствы, аб'яднаных адной нітачкай – любоўю да Беларусі, – падзяліўся ўражаннямі загадчык музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі Дзяніс РУЦКІ. – Упэўнены, добрыя і цёплыя ўражанні, якія атрымалі наведвальнікі фотавыставы, застануцца ў душы надоўга і будуць натхняць на добрыя справы.

информация Zara.by

870